Материалы Центральной комиссии

Мiкалай ЛАЗАВIК: «Патэнцыял Саветаў усё яшчэ застаецца незапатрабаваным»

«ЗВЯЗДА», №288 от 18.10.2006


Сяргей КАРАЛЕВIЧ (Оригинальный текст статьи)

На мiнулым тыднi была прызначана дата правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Аб асаблiвасцях правядзення гэтай выбарчай кампанii расказвае сакратар Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Мiкалай ЛАЗАВIК.

— Нядаўна былi прыняты змяненнi ў выбарчае заканадаўства. Галоўнае з iх датычыцца менавiта мясцовых выбараў. Якi з фактараў быў галоўным падчас яго распрацоўкi?

— Спачатку хацелася б пералiчыць усе фактары, якiя мелi значэнне падчас унясення змяненняў у Выбарчы кодэкс. Па-першае, яны былi накiраваны на паслядоўную лiбералiзацыю выбарчага працэсу (спачатку ў першым i другiм туры выбары праходзiлi па сiстэме абсалютнай большасцi, потым — па сiстэме абсалютнай большасцi толькi ў першым туры, цяпер — па сiстэме адноснай большасцi ўжо ў першым туры). Па-другое, iмкнулiся павысiць вынiковасць (цяпер адразу ў першым туры можа быць сфармiраваны працаздольны па колькасцi мясцовы Савет). Па-трэцяе, iмкнулiся захаваць палiтычную i сацыяльную стабiльнасць (выбары абвастраюць палiтычную сiтуацыю i адцягваюць грамадзян ад паўсядзённых сацыяльна-эканамiчных задач). Таксама немалаважны i той фактар, што пры галасаваннi ў адзiн тур мы больш уважлiва ставiмся да выбару насельнiцтва. Пры другiм туры выбаршчык павiнен быў часта змяняць свой выбар i галасаваць па iншай кандыдатуры. Iстотным з’яўляецца i эканомiя арганiзацыйнага рэсурсу. Пры галасаваннi ў другiм туры даводзiцца арганiзоўваць выбарчую кампанiю ў асобнай выбарчай акрузе, што цяжэй, чым арганiзацыя галасавання ў той жа самай акрузе падчас агульнарэспублiканскай кампанii. Якi фактар вылучыць на першае месца? Казаць аб пераважнасцi асобнага вельмi складана. Хоць, як правiла, найчасцей гавораць аб адным — эканомii матэрыяльных i фiнансавых рэсурсаў.

— Якiя яшчэ змяненнi будуць дзейнiчаць ужо падчас мясцовых выбараў?

— Першыя змяненнi датычацца вылучэння кандыдатаў. Так, кожны прэтэндэнт пры прадстаўленнi адпаведных дакументаў павiнен будзе прадстаўляць свой асабiсты пашпарт. Таксама вызначаны дакладны пералiк дакументаў, якiя павiнен прадставiць прэтэндэнт. Для спрашчэння дзейнасцi апошнiх вызначаны дакладны пералiк дакументаў, якiя неабходна прадставiць пры вылучэннi ад палiтычнай партыi, якiя — ад працоўнага калектыву, якiя — шляхам збору подпiсаў. Прычым усе дакументы прэтэндэнту давядзецца падаваць адначасова. Таксама ўведзена норма, якая спрашчае збор подпiсаў i пашырае магчымасцi прэтэндэнта. Раней у адным падпiсным лiсце павiнны былi быць подпiсы жыхароў толькi аднаго населенага пункта. У той жа час збор подпiсаў праходзiў i ў месцах збору людзей (напрыклад, каля мехдвароў, магазiнаў, дзе маглi збiрацца людзi з розных вёсак), i таму зборшчыкам даводзiлася мець па некалькi падпiсных лiстоў.

Другая група змяненняў датычыцца парадку правядзення перадвыбарнай агiтацыi. Законам устаноўлена, што сходы, арганiзаваныя па-за памяшканнямi, а таксама мiтынгi, дэманстрацыi i iншыя масавыя мерапрыемствы, мэтай якiх з’яўляецца агiтацыя па выбарах, праводзяцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах. На практыцы мы пераканалiся, што ўсе працэсы ў горадзе павiнны кантралявацца, што не павiнна быць стыхiйных масавых мерапрыемстваў, аб якiх не ведае кiраўнiцтва населенага пункта. Гэта павiнна рабiцца не толькi для бяспекi самiх удзельнiкаў масавых мерапрыемстваў i iншых грамадзян, але i для нармальнай працы грамадскага транспарту, прадпрыемстваў, арганiзацый. Такiм чынам, цяпер арганiзатары масавых мерапрыемстваў, звязаных з выбарамi, павiнны падаць у выканкам адпаведную заяву i атрымаць дазвол. Прычым тэрмiны падачы заявы i яе разгляду для мерапрыемстваў падчас выбарчай кампанii скарочаны. Так, заяву неабходна падаць за 5 дзён да правядзення масавага мерапрыемства, а выканкам павiнен разгледзець яе на працягу 3 дзён.

Падчас правядзення агiтацыi выдаецца шмат друкаванай прадукцыi. Таму, каб не парушаць роўнасцi кандыдатаў, устаноўлена норма, згодна з якой уся друкаваная прадукцыя павiнна выдавацца на тэрыторыi Беларусi. Як паказалi папярэднiя выбары, вельмi шмат прадукцыi друкуецца менавiта за межамi нашай краiны, i у такiм выпадку пракантраляваць яе фiнансаванне практычна немагчыма. Дарэчы, да пытанняў аказання замежнай матэрыяльнай i фiнансавай дапамогi будзем ставiцца вельмi жорстка. Яе выкарыстанне забаронена, i за парушэнне гэтага ўстаноўлена пакаранне ў выглядзе адмовы ў рэгiстрацыi або адмены рашэння аб ёй. Увогуле адказнасць за парушэнне выбарчага заканадаўства ўзмацняецца. Цяпер грамадзянiну ўжо на стадыi збору подпiсаў, калi ён парушыў нормы Выбарчага кодэкса, могуць адмовiць у рэгiстрацыi кандыдатам у дэпутаты.

Таксама неабходна адзначыць змяненне, якое датычыцца дэкларацыi аб даходах i маёмасцi, што падаюць кандыдаты. Цяпер дакладна запiсана, што iнфармацыя, якая ў iх утрымлiваецца, прызначана для апублiкавання i давядзення да ведама выбаршчыкаў. А вось спiс выбаршчыкаў для ўсеагульнага азнаямлення вывешвацца не будзе. Лiчу, што такое азнаямленне парушае правы грамадзянiна, бо ў спiсах утрымлiваюцца даныя, напрыклад, аб хатнiм адрасе. Таму цяпер кожны з выбаршчыкаў зможа проста праверыць правiльнасць унясення ў спiс звестак толькi аб сабе.

Увогуле ж хачу адзначыць, што наша выбарчае заканадаўства дазваляе праводзiць свабодныя дэмакратычныя выбары, а грамадзяне маюць магчымасць у поўным аб’ёме рэалiзаваць свае выбарчыя правы выбiраць i быць выбранымi. Нейкага рэвалюцыйнага рэфармавання яно не патрабуе. Але жыццё паказвае, што некаторыя нормы неабходна ўдакладняць, што зробiць выбарчы працэс больш арганiзаваным i вынiковым.

— Цi неабходны яшчэ нейкiя карэкцiроўкi заканадаўства ў дачыненнi да мясцовых Саветаў?

— Гэта мой асабiсты погляд, але лiчу, што адна з нормаў, якую ўтрымлiвае Закон «Аб статусе дэпутата», абсалютна непатрэбная. Напрыклад, возьмем дэпутата абласнога Савета, у выбраннi якога прымалі ўдзел каля 20 тысяч выбаршчыкаў. Нескладана падлiчыць, колькi галасоў прыкладна атрымаў кожны з 60 дэпутатаў такога Савета. У той жа час на першай сесii гэтыя дэпутаты збiраюцца i праз галасаванне прызнаюць паўнамоцтва адзiн аднаго. Уявiм, што па нейкiх прычынах паўнамоцтвы аднаго з дэпутатаў не былi прызнаны, для чаго супраць неабходна прагаласаваць 31 дэпутату. Што рабiць у такiм выпадку? Самi па сабе Саветы не могуць адмянiць рашэнне выбарчай камiсii, бо тая ў нас незалежная ад iх. Атрымлiваецца юрыдычны тупiк. Таму лiчу, што прызнанне паўнамоцтваў дэпутата самiмi дэпутатамi — працэдура непатрэбная. На першай арганiзацыйнай сесii дэпутаты павiнны прызнаваць паўнамоцтвы ўсяго Савета, гэта значыць устанавiць, што выбрана неабходная для прыняцця рашэнняў колькасць дэпутатаў.

— Цi павышаецца, на ваш погляд, у апошнi час прэстыж статуса дэпутата мясцовага Савета?

— Лiчу, што недарэмна ў гэтым годзе з боку кiраўнiцтва краiны асаблiвая ўвага надаецца працы па павышэнню аўтарытэту i ролi мясцовых Саветаў. Пытаннi жыцця тэрыторый павiнны вырашацца непасрэдна на месцах з удзелам прадстаўнiкоў насельнiцтва. Але, на жаль, патэнцыял Саветаў працягвае заставацца незапатрабаваным. Асноўны цяжар нясе на сабе выканаўчая ўлада. У той жа час Саветы дэпутатаў маюць дастаткова шырокiя паўнамоцтвы, але яны не ў поўнай меры выкарыстоўваюць свой калектыўны розум. Асаблiва адчувальна гэта на нiзавых узроўнях — у сельскiх Саветах, пасялковых, гарадскiх раённага падпарадкавання Саветах. Магчыма таму i канкурэнцыя на выбарах у сельскiя Саветы не вельмi вялiкая, часам нават безальтэрнатыўная. Больш высокi статус у грамадстве маюць дэпутаты гарадскiх, раённых, абласных Саветаў. Ну i асаблiва можна выдзелiць Мiнск, дзе назiраецца дастаткова жорсткая барацьба за дэпутацкi мандат. Гэта тлумачыцца тым, што дэпутаты гэтага ўзроўню з’яўляюцца асобамi, якiя рэальна ўплываюць на вырашэнне сацыяльна-эканамiчных пытанняў свайго рэгiёна.

— Удзел у выбарах збiраюцца прыняць i апазiцыйныя партыi. Тым не менш, з боку iх прадстаўнiкоў гучалi i заявы аб бессэнсоўнасцi ўдзелу ў выбарчай кампанii. На ваш погляд, чаму?

— Якiя б змяненнi выбарчага заканадаўства нi прымалiся, iх ацэнка апазiцыяй будзе адной: гэта дрэнна, гэта перашкаджае. Iм проста патрэбна неяк апраўдаць свой нiзкi рэйтынг у грамадстве. Таму любыя заканадаўчыя ўдасканаленнi, нават карысныя, будуць успрымацца апазiцыяй негатыўна. Узяць сiстэму адноснай большасцi пры вызначэннi пераможцы падчас мясцовых выбараў. Такая сiстэма для палiтычных сiл, якiя не карыстаюцца вялiкай падтрымкай i рэйтынг якiх трымаецца на ўзроўнi 5—10 працэнтаў, больш выгадная. Калi па нейкай акрузе будзе вылучацца каля 10 кандыдатаў (па Мiнску гэта цалкам рэальна), калi ўсе яны падчас выбараў набяруць прыблiзна аднолькавую колькасць галасоў, то яркая асоба ад апазiцыi можа няхай i з невялiкiм адрывам, але пераўзысцi сваiх сапернiкаў. Таму сiстэма адноснай большасцi пры вызначэннi пераможцы апазiцыi больш выгадная, чым сiстэма абсалютнай большасцi, якая iснавала на мiнулых выбарах.

— Мясцовыя выбары будуць больш таннымi?

— Калi казаць аб фiнансах, то я хацеў бы падкрэслiць, што ў гэтым пытаннi iстотна нiчога не змянiлася. У Выбарчым кодэксе дакладна прапiсана, колькi павiнен атрымлiваць кожны кандыдат. Калi павялiчыцца базавая велiчыня, значыць, павялiчацца i затраты. Што датычыцца аплаты працы членаў выбарчых камiсiй, то традыцыйна яе прыраўноўваюць да сярэдняга заробку па краiне. Пэўная эканомiя будзе iсцi ад таго, што не будзе праводзiцца другi тур. Акрамя таго, падчас сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лiдзiяй Ярмошынай Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб мясцовыя выканаўчыя органы максiмальна ўзялi на сябе расходы па забеспячэнню дзейнасцi выбарчых камiсiй, каб прадаставiлi iм сувязь, транспарт, памяшканнi не за кошт выбарчага, а за кошт мясцовага бюджэту. Гэта таксама нейкi рэзерв для эканомii. Таксама лiчу, што можна некалькi зэканомiць на агiтацыйных матэрыялах. Мясцовыя выбары маюць больш лакальны характар, таму няма сэнсу выпускаць вялiзныя i дарагiя плакаты.

— Цi можа гэта выбарчая кампанiя стаць больш актыўнай у параўнаннi з папярэдняй?

— У Беларусi найбольшую цiкавасць выбаршчыкi праяўляюць да прэзiдэнцкiх выбараў i рэспублiканскiх рэферэндумаў. Да парламенцкiх выбараў цiкавасць нiжэйшая, яшчэ больш нiзкая — да мясцовых. Але ў нас iснуе практыка сумеснага правядзення, напрыклад, парламенцкiх i мясцовых выбараў, i тады яўка выбаршчыкаў на мясцовых выбарах можа быць высокай. У той жа час на гэты раз нiякай буйной агульнарэспублiканскай кампанii, акрамя мясцовых выбараў, адбывацца не будзе. Таму арганiзатарам давядзецца добра папрацаваць, каб забяспечыць прымальную яўку на мясцовых выбарах. Нейкага ўсплеску яўкi мы не чакаем. Па меншай меры, лiчу, яна будзе дастатковай, каб выбары адбылiся i мясцовыя Саветы былi сфармiраваны.
Наверх