«Самы востры перыяд яшчэ наперадзе»«Звязда», №250 (25839) от 22.11.2006
Сяргей КАРАЛЕВIЧ (Оригинальный текст статьи)
На пытаннi адказвае старшыня Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Лiдзiя ЯРМОШЫНА. — Цi задавальняе вас ход выбарчай кампанii ў мясцовыя Саветы? — У цэлым, так. Але я б хацела адзначыць, што тая частка выбарчай кампанii, якая ўжо прайшла, мела падрыхтоўчы характар, г.зн. рыхтавала будучых фiгурантаў да актыўных дзеянняў. Што мы рабiлi ў гэты час? Фармiравалi выбарчыя камiсii, вучылi iх, забяспечвалi метадычнай лiтаратурай. Пасутнасцi, дзейнiчалi на будучы вынiк, якi будзе вядомы пасля вылучэння кандыдатаў i самога працэсу галасавання. Таму гэтая частка выбарчай кампанii заўсёды характаразуецца як спакойная. Кандыдаты збiраюць подпiсы, мы не ведаем, якiя дакументы яны прынясуць. Хоць пэўная колькасць скаргаў ужо была, бо некалькiм iнiцыятыўным групам было адмоўлена ў рэгiстрацыi. Аднак нiводная скарга пакуль у суды не паступала. Як не было пададзена нiводнай заявы ў вышэйстаячую выбарчую камiсiю Мiнска, дзе самая большая колькасць удзельнiкаў выбараў у мясцовыя Саветы. — Наколькi могуць уплываць на вынiкi выбараў змены межаў выбарчых участкаў, акруг? — Межы выбарчых участкаў не могуць уплываць на вынiкi выбараў. Змены ў iх межах залежаць ад змены колькасцi выбаршчыкаў, што звязана з жыллёвай забудовай. У любым выпадку ў адпаведнасцi з законам выбарчы ўчастак не можа ахоплiваць больш за 3 тысячы выбаршчыкаў, мiнiмальная ж колькасць — 20 чалавек. Калi побач пабудавалi новы дом, то, натуральна, колькасць выбаршчыкаў можа перавысiць 3 тысячы, а таму ствараецца новы ўчастак або адбываецца пераразмеркаванне. Гэта можа паўплываць на настрой выбаршчыкаў, якiя прызвычаiлiся галасаваць на адным месцы, аднак не мае нiякага ўплыву на канчатковы вынiк выбараў, бо кандыдат iдзе па выбарчай акрузе. Межы акруг таксама змяняюцца. Тут назiраецца падобная сiтуацыя, бо ўсе акругi павiнны быць роўнымi (рознiца ад сярэдняй колькасцi не павiнна перавышаць 10 працэнтаў). — У пракуратуры створана рабочая група па нагляду за выкананнем выбарчага заканадаўства. Супрацоўнiцтва Цэнтрвыбаркама з пракуратурай, калi ўлiчыць апошнiя змены ў выбарчым заканадаўстве, стане больш цесным? — Куды ўжо больш цеснае... Мы ж не можам сядзець адзiн у аднаго ў кабiнетах. А тое, што мы пастаянна супрацоўнiчаем, што ёсць прадстаўнiк пракуратуры, якi адказны за сувязь з Цэнтральнай камiсiяй, было заўсёды. Ён практычна дзяжурыць у дзень выбараў у Цэнтрвыбаркаме падчас усiх выбарчых кампанiй. Кожшы сiгнал у пракуратуру, якi iдзе ад Цэнтральнай камiсii, адразу бярэцца да праверкi. У нас адсутнiчаюць якiя б там нi былi праблемы ва ўзаемаадносiнах з пракуратурай цi iншымi дзяржаўнымi органамi. Падчас гэтых мясцовых выбараў мы ў пракуратуру пакуль не звярталiся. Адзiнае, падчас рабочага пасяджэння ў пракуратуры я прадставiла створанай рабочай групе, куды ўваходзяць намеснiкi пракурораў рэгiёнаў, iнфармацыю аб зменах у выбарчым заканадаўстве, аб практыцы работы Цэнтрвыбаркама па падрыхтоўцы i правядзенню выбараў. Адначасова падчас сустрэчы з генеральным пракурорам мною былi даведзены некаторыя сiгналы, якiя мы атрымлiваем з месцаў для праверкi. — Ужо зарэгiстраваны iнiцыятыўныя групы. Партыйных прэтэндэнтаў шмат? — Усё залежыць ад рэгiёна. У Мiнску цяпер роўна палова iнiцыятыўных груп збiраюць подпiсы ў падтрымку таго цi iншага члена палiтычнай партыi. Хутчэй за ўсё гэтыя ж асобы будуць вылучацца i iншым шляхам — ад палiтычнай партыi. Сам жа збор подпiсаў для iх выгадны таму, што падчас яго ўжо можна праводзiць агiтацыю за кандыдата. Тыя, хто паступае такiм чынам, дзейнiчаюць разумна, бо выкарыстоўваюць усе законныя магчымасцi. Што ж датычыцца iншых палiтычных груп, то ў цэлым па краiне беспартыйныя складаюць 94 працэнты. Такiм чынам па краiне партыйных пакуль 5,9 працэнта. Гэта тлумачыцца тым, што большая частка акруг створана ў сельскай мясцовасцi, дзе ўвогуле амаль адсутнiчае палiтычная дзейнасць. Тым не менш, 5—6 працэнтаў партыйных кандыдатаў — не так i мала, калi суаднесцi колькасць партыйцаў з колькасцю выбаршчыкаў. Некалькi гадоў таму (не думаю, што сiтуацыя за гэты час iстотна змянiлася) я пры падрыхтоўцы сумеснага з АБСЕ семiнара падлiчыла, колькi ў Беларусi членаў партый. Паводле даных Мiнiстэрства юстыцыi, iх аказалася каля трох працэнтаў ад агульнай колькасцi выбаршчыкаў. Што будзе далей? Калi ўзгадаць парламенцкiя выбары, то з лiку кандыдатаў, якiя засталiся да дня галасавання, 50 працэнтаў з’яўлялiся членамi палiтычных партый. Цяпер жа мы наўрад цi выйдзем на такi працэнт, бо, паўтаруся, большая частка выбарчых акруг — каля 16 тысяч — знаходзiцца ў сельскай мясцовасцi. Большая ж колькасць партыйцаў будзе вылучацца ў мясцовыя Саветы Мiнска цi гарадоў — iх 13 — абласнога падпарадкавання. — Было адмоўлена ў рэгiстрацыi iнiцыятыўных груп некалькiх вядомых апазiцыйных палiтыкаў. Прычым, па аднолькавых падставах: на самай справе студэнты не давалi згоды на ўключэнне ў iнiцыятыўную групу. Чаму прэтэндэнты дапускаюць падобныя памылкi? Як праводзяцца праверкi падобных выпадкаў? — Яны праводзяцца шляхам апытання грамадзян. Выключэнне i ўключэнне ў састаў некаторых членаў iнiцыятыўных груп грамадзян без iх згоды — гэта дастаткова распаўсюджанае парушэнне, якое сустракалася i падчас выбараў Прэзiдэнта. Права выбарчай камiсii — адмовiць у рэгiстрацыi такой iнiцыятыўнай групе цi проста выключыць з яе грамадзян, якiя не давалi згоды, i дазволiць збiраць подпiсы. Цэнтральная камiсiя, нягледзячы на парушэннi, дазваляла подпiсы збiраць. Увогуле ж сiтуацыя з фармiраваннем iнiцыятыўных груп у асобных выпадках даходзiць да анекдота. Я магу расказаць гiсторыю з фармiраваннем iнiцыятыўнай групы вядомага палiтыка Сяргея Калякiна. Гэты прэтэндэнт (цяпер ужо былы, бо iнiцыятыўная група не зарэгiстравана) кiруе вялiкай палiтычнай сiлай — партыяй ПКБ. Вельмi дзiўна, што ў партыi не знайшлося людзей, згодных падтрымаць свайго шэфа шляхам збору подпiсаў, тым больш што састаў iнiцыятыўнай групы — ад трох да 10 чалавек. Таму ён сфармiраваў iнiцыятыўную групу з розных асоб, большая частка якiх былi студэнтамi. Трое студэнтак каледжа сувязi прынеслi самастойна ў выбарчую камiсiю Савецкага раёна Мiнска заявы, дзе паведамiлi, што яны ўключаны ў састаў iнiцыятыўнай групы па вылучэнню С. Калякiна без iх згоды, бо нiхто з адпаведнай просьбай да iх нават не звяртаўся. Калi сталi расследаваць сiтуацыю, аказалася, што на дошцы аб’яў iнтэрната, дзе жывуць студэнткi, вiсела аб’ява аб вiншаваннi iмянiннiкаў, якiя нарадзiлiся ў лiстападзе. Там былi гэтыя тры прозвiшчы, якiя i трапiлi ў iнiцыятыўную групу С. Калякiна. Для кiраўнiка палiтычнай партыi гэта проста несур’ёзна. Як адчувае Цэнтрвыбаркам, усё гэта было зроблена наўмысна, каб стварыць скандальную сiтуацыю i заявiць дзе-небудзь аб парушэннi правоў кандыдата. Яшчэ адзiн красамоўны прыклад з вядомым спадаром Раманчуком, якi вырашыў выбiрацца па Гродзенскай вобласцi. Але якiя адносiны ён да яе мае? Той факт, што ён недзе нарадзiўся, сам па сабе не дае права вылучацца дэпутатам мясцовага ўзроўню менавiта ў тым жа самым месцы. Каб вылучыцца ў той цi iншы Савет, неабходна на тэрыторыi гэтага Савета пражываць цi працаваць. Можна не пражываць i не працаваць, але ў тым выпадку, калi працуеш у арганiзацыi, якая абслугоўвае насельнiцтва дадзенага Савета. Гэты запiс зроблены спецыяльна для тых адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак, якiя з’яўляюцца адначасова цэнтрамi некалькiх адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак. Напрыклад, горад Мiнск, якi з’яўляецца самастойнай адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкай, а таксама цэнтрам Мiнскай вобласцi i Мiнскага раёна. Калi б гэтага запiсу не было, цi змог бы балатавацца кандыдатам у дэпутаты абласнога або раённага Савета жыхар Мiнска, якi працуе ў Мiнскiм райвыканкаме цi Мiнскiм раённым вузле сувязi? Таксама неабходна адзначыць, што гэта адносiцца толькi да гаспадарчых суб’ектаў, у статуце якiх напiсана, што яны створаны i абслугоўваюць менавiта канкрэтны рэгiён. Дарэчы, да нас звярталiся мiнiстэрствы i ведамствы з просьбай растлумачыць, цi могуць iх супрацоўнiкi выбiрацца па той цi iншай акрузе Мiнскай вобласцi. Наша пазiцыя была аднолькавая: мы адмаўляем як апазiцыянеру Раманчуку, так i чыноўнiку мiнiстэрства. Такiм чынам, у большасцi выпадкаў адмовы ў рэгiстрацыi iнiцыятыўных груп грунтуюцца на фактах. Была невялiкая колькасць адмоў па фармальных прычынах, бо кандыдат нешта недапiсаў. Але гэта было права выбарчай камiсii, хоць пазiцыя Цэнтрвыбаркама ў такiх выпадках — не адмаўляць. — Зноў быў створаны пазабюджэтны фонд. Раней на яго хоць нейкiя сродкi паступалi? — Аднойчы адна грамадзянка, адразу пасля прыняцця Выбарчага кодэкса, пералiчыла недзе 10 тысяч рублёў. Гэта адзiны факт паступлення сродкаў у пазабюджэтны фонд. — Запрашэнне мiжнародных назiральнiкаў на мясцовыя выбары не прадугледжваецца. А калi яны самi выкажуць жаданне паназiраць? — Па нашаму заканадаўству выяўляць жаданне можна, але яно не будзе задаволена. Для таго, каб стаць мiжнародным назiральнiкам, неабходна запрашэнне. Запрашае ў краiну пэўны пералiк арганiзацый. У нас гэта, як правiла, робiць Цэнтрвыбаркам, парламент i Мiнiстэрства замежных спраў, таксама можа гэта рабiць Савет Мiнiстраў i Прэзiдэнт. Сусветная практыка iдзе па шляху незапрашэння мiжнародных назiральнiкаў на мясцовыя выбары. Наша дзяржава вырашыла не быць «белай варонай» сярод iншых дзяржаў i таксама не запрашае мiжнародных назiральнiкаў. Акрамя таго, у нас няма праблем з нацыянальным назiраннем: Беларусь займае першае месца сярод краiн СНД па колькасцi суб’ектаў, якiя маюць права накiроўваць нацыянальных назiральнiкаў на выбарчыя ўчасткi. — Вы ўжо адзначалi, што прайшла падрыхтоўчая частка выбарчай кампанii. Якая яе частка будзе найбольш вострай? — Уся вастрыня пачнецца недзе з 4 снежня, апошняга дня падачы дакументаў аб вылучэннi кандыдатам. 10 дзён будзе працягвацца вельмi востры перыяд (у першую чаргу для камiсii) праверкi прадстаўленых дакументаў. Пасля месяц будзе займаць перыяд перадвыбарнай агiтацыi i прапаганды. Зразумела, гэты перыяд будзе вострым там, дзе будзе вялiкая альтэрнатыва — шмат кандыдатаў у дэпутаты. Хоць я ўжо цяпер бачу, што па некаторых акругах iдуць прадстаўнiкi адной i той жа партыi. Хутчэй за ўсё, калi яны людзi, падпарадкаваныя партыйнай дысцыплiне, то нехта з iх знiме сваю кандыдатуру. Усё гэта робiцца для таго, каб легальна пахадзiць i паагiтаваць выбаршчыкаў за сваю палiтычную партыю. У Мiнску ж барацьба будзе назiрацца ў любым выпадку, бо там у выбарах удзельнiчае дастаткова вялiкая колькасць асоб, якiя вядомы ў нашай палiтыцы.
|