Галоўная  /  Аб камiсii  /  КАРПЕНКА Ігар Васільевіч

КАРПЕНКА Ігар Васільевіч

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі
  
Узначальвае і ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва Цэнтральнай выбарчай камісіяй і яе апаратам, прадстаўляе Цэнтральную камісію ў адносінах з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі органамі, ніжэйстаячымі камісіямі, сродкамі масавай інфармацыі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, іншымі арганізацыямі, выбарчымі органамі замежных дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі і грамадзянамі.
 
Біяграфія
 
Ігар Карпенка нарадзіўся 28 красавіка 1964 г. у г. Навакузнецку Кемераўскай вобласці. У 1981 г. скончыў сярэднюю школу № 14 г. Полацка, у 1989 г. — Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (спецыяльнасць: гісторыя і замежныя мовы), у 2008 г. — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (спецыяльнасць: міжнародныя адносіны).
У 1981-1982 гг. працаваў у Азінскай сярэдняй школе Полацкага раёна. З 1982 па 1984 гг. праходзіў вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. З 1989 года займаў розныя пасады ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага (установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»).
Абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга (2004 – 2008 гг.) і чацвёртага (2008 – 2012 гг.) скліканняў, дзе працаваў у Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі, а таксама ў Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД. Актыўна ўдзельнічаў у працы міжнародных парламенцкіх структур і арганізацый.
З 2011 г. працаваў на пасадзе намесніка старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, курыраваў пытанні сацыяльнай сферы.
У 2016 г. узначаліў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
З снежня 2021 г. — Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь.
 
Мае вопыт працы ў ўчастковых і тэрытарыяльных выбарчых камісіях. Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Камуністычнай партыі Беларусі, прафсаюзных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў. У цяперашні час узначальвае грамадскі кансультатыўны савет па пытаннях адукацыі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскую гарадскую федэрацыю стралковага спорту.
 
Узнагароджаны «Ордэнам Пашаны», медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам «Адметнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», іншымі медалямі і нагруднымі знакамі.